Сёння ў Бруселі на пленарным пасяджэнні EESC прайшло падпісанне «Мемарандума аб паразуменні» — дакумента, які закладвае аснову для супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім эканамічна-сацыяльным камітэтам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Святлана Ціханоўская:
«Гэтае абяцанне супрацоўніцтва і салідарнасці — пасланне ўсім беларусам: вы не адны, вы — частка Еўропы. Гэта падрыхтоўка да еўрапейскай будучыні нашай краіны. Мы не павінны чакаць, пакуль рэжым разваліцца. Разам з EESC мы ўжо цяпер пачынаем працу над пераходным перыядам і заканадаўствам.
Гэты мемарандум умацоўвае дэмакратычныя сілы, падкрэслівае падтрымку беларусаў еўрапейскімі інстытуцыямі і адкрывае шлях для практычнай падрыхтоўкі да пераменаў. Мы адкрываем новы раздзел сумеснага міжнароднага супрацоўніцтва — з грамадзянскай супольнасцю, прафсаюзамі, бізнесам і незалежнымі СМІ. Давайце будаваць трывалую сувязь, падтрымліваць журналістаў, рыхтаваць рабочых і малы бізнес да эфектыўнай працы ў будучай еўрапейскай Беларусі.
Пяць гадоў таму мы выбралі Еўропу — і за гэты выбар многія трапілі за краты або вымушана пакінулі Радзіму. Але мы застаёмся вернымі гэтаму выбару, бо нашая барацьба — не за ўладу, а за людзей. Так, перамены не надыходзяць за адзін дзень. Але кожны крок мае значэнне. І сёння мы зрабілі вельмі важны крок».